Этнашкола батлейка запрашае! / Некалькі слоў аб рэканструкцыі...(Як і абяцаў!)

Пасля  выступленняў на міжнародным фестывалі "Нябёсы"  многія пісалі і прасілі расказаць аб працэсе рэканструкцыі батлеечных прадстаўленняў. Можа таму і  захацелася звярнуць увагу людзей на тое, што на самой справе існуе батлеечная спадчына, якую не ўправе забываць, а тым больш скажаць ці проста падмяняць  на калябатлеечныя міражы.
Мне пашанцавала, бо займаючыся падчас работы ў  вучылішчы, а затым і ў каледжы,  краязнаўчай працай давялося  застаць жывымі  старых людзей, што добра памяталі аб  30-х гадах 20 стагоддзя  і  маглі  ясна  аднавіць у сваёй памяці   аповяды сваіх бацькоў аб паўсядзённым жыцці , і канечне ж, аб найбольш яскравых яго  момантах , сярод якіх трапіліся і ўспаміны аб батлеечных прадстаўленнях, што ладзілі “…нашыя Барашкі ды Сілкі” (успаміны М.С.Шпака)

Асабліва зацікавілі ўспаміны  аб  батлеечных прадстаўленнях падчас Піліпавага посту  (перад Раством Хрыстовым) (успаміны Н.Я.Бычко, У.М.Лабазы), якія ўскосна падцвердзіліся ўспамінамі і людзей, што прыязджалі на Мірскі Мікалаеўскі кірмаш ( на “зімовага  Міколу” (дзень памяці св.Мікалая Цудатворцы – 19 снежня).
Так мы дазналіся, што батлеечнік са сваім возам стаяў на плошчы і запрашаў  пабачыць “батлею”, што ладзілася “…у хаце, недалёка ад Блёхавага дому” (Блёх – знакаміты мірскі майстар – будаўнік)
Але асабліва пашчасціла яшчэ і таму, што рэспандэнтка пераказала і сюжэтную лінію аднаго з прадстаўленняў. Прыйшлося вельмі асцярожна аднесціся да ўспамінаў старога чалавека, тым больш, што гэта было ўзнаўленне калісці пераказанага роднымі рэспандэнта. Але калі  гэтыя ўспаміны былі  пакладзены на паслядоўную лагтчную аснову, то аказалася што сапраўды  вымалёўваецца  стройны сюжэт, штуршком да стварэння якога  сталі трагічныя падзеі Першай сусветнай вайны, калі родзічы страчвалі сваіх блізкіх у далёкіх мейсцах, ды сустракалі ацалелых,  меўшых раненні воінаў,  якім пэўна цяжка было ўспамінаць аб  вайне.
Так былі вызначаны галоўныя героі -персанажы: Салдат, Анёл, Чорт, Смерць, Жабрачка, Ліхвяр (Каморнік) ды асноўная сэнсавая лінія сюжэту: Салдат ідзе дамоў і турбуецца аб тым, як яму жыць  пасля таго як ён губіў чалавеыя жыцці. Яго супакойвае Анёл, а Чорт пахваляецца Смерці, што атрымае гэтую грэшную душу. Але Салдат  адратоўвае сябе праз  дапамогу Жабрачцы і Ліхвяру.
Таксама было важным упамінанне  таго, як гаварылі персанажы: Анёл як “…той паламар (панамар – К.П) пры бацюшку”,  Ліхвяр быў падобны на “… крамнікавага  Мэйзу Стальмаха”, што “мовіў адразу   і па руску і па польску, як спраўны  пане, але смешны такі быў…” , а Чорт  “уварочваў моцныя навернае такія славечкі як “барохэн авой”, ды “сабэ”, ото так ён шпынгліў( лаяўся –К.П)”
І вось першыя радасці ад  атрыманай інфармацыі адышлі на другі план, бо далейшыя распытванні прыводзілі  ўжо да прыдумак ці ўвогуле не давалі выніку. Стала зразумела, што патрэбна вялікая праца, каб зрабіць персанажы  “размоўнымі”!  І тут на дапамогу прыйшлі і архівы царкоўнага справаводства, знойдзеныя у міран, дзе па асабовай перапісцы  ўдалося  знайсці манеру маўлення  тагачасных  дзячкоў ды іншых прадстаўнікоў кліру, што “ўварочвалі “ у сваю мову для важкасці  царкоўна-славянскія словы альбо цэлыя словазлучэнні.  Гэдак жа і ў дачыненні да асобы Ліхвяра дапамаглі ўспаміны Ул. Лабазы аб крамніку (гаспадару тарговай лаўкі – К.П.) Стэльмаху, у сям’і якога і сапраўды быў стрыечнік Мацей , альбо Мэйза - Грэйза, як яго дражнілі, за тое, што  ён “..крывіў словы па польску і па руску каб важней быць, а мовіў, як грэйзаў (неахайна пісаў – К.П. ) атлічным пяром па кары!”
Канечне, прыйшлося і перачытаць замалёўкі тагачасных пісьменнікаў, што маляўніча апісвалі местачковы побыт ( Элаіза Ажэшка, Марыя Канапніцкая)
І вельмі было хвалююча,  калі спрабавалі першыя дыялогі. Бо даводзілася пабачыць прадстаўленні, дзе лялька была  асобкам ад сваёй мовы і размаўляла нібы чужымі словамі.
Але калі выйшаў Анёл і … нібы палілося са старой пласцінкі –“ Дбайце людзі о вашэй душы…”,  “Ото я , божы пасланец…”, а тут і Ліхвяр нібы ўчора сам табе плакаў аб тым, як яго ашукалі “…ого-го, пшыяцёле, то вы былі круцёле!”, “ …повсюду гіцлі накручонэ…!” – то стала зразумела, што  нешта такі ўдалося. А калі ўжо поўнасцю была завершана праца, то першае ж прадстаўленне  (красавік 2014 год) паказала па станоўчай рэакцыі публікі, што  гэтая батлеечная  пастаноўка мае права на жыццё ў батлеечнай скрыні.
 Нешта падобнае сталася і з узнаўленнем батлеечнай дзеі “Дары”, але  тады і падумаць не маглі , што адкладзеная  ўбок інтэрмедыя тоіць у сабе  сляды цэлага каляднага дзеяння. Дапамог выпадак. Неяк падчас размоў (на жаль адной з апошніх!!!)  з Н.Я.Бычко аб звычаях даўнейшага Міра, прыйшло на розум запытацца аб характары мірскіх батлеечнікаў Сілко. Бабуля спачатку задумалася, а потым сказала, што “…от знаеш, ганарлівыя такія былі. Папо казаў, што ганарлівыя па дзелу, бо здатныя да ўсяго. Расказываў, што вельмі прыгожа было, калі яны, Сілкі, уладкоўвалі Бэтлікаву (Яўген Сілко (па мясцоваму – Жэнік-Бэтлік) – К.П,) скрыню каля Блёхавай хаты, ды перад уваходам кідалі на вазок кажушочкі, застаючыся ў кашулях , а паверх увязаны ручнікамі , нібы сваты. Яны то спявалі “на ўваход” і пасля шлі ў хату.”
І пасля гэтых слоў сталі зразумелымі  ўспаміны У.М.Лабазы  аб  тым, што  “яны (Сілко – К.П.) перакідвалі тканыя палаценца цераз плячо, бо такая завядзёнка яшчэ здаўна была, казаў мой бацька, для тых, хто аб свяце спяваў, як анёлкі, а палаценца крылы значылі”
Да слова, паказаць прадстаўленне нашым паважаным рэспандэнтам  мы не паспелі, яны адышлі ад нас у лепшы свет, але і сёння мы ўдзячныя гэтым людзям, што дапамаглі  адрадзіць маленькую часцінку  сапраўднай спадчыны славутага мястэчка Мір! Дзякуй ім і  вечная памяць!
P.S. Дарэчы, кант , што спяваўся перад прадстаўленнем так і не ўдалося знайсці, але пад характарыстыку “ …харошая такая царкоўная песня  як анёлачкі  душы памагалі…” здаецца падыйшоў  пераспяваны міранамі  на свой лад кант “Тры янгалы”, поўны пераспеў якога на жаль не захаваўся


Ой шлi ды йшлi анялове тры
Дай вялі яны душу, душы клікалі
Ты й чагож душа міма раю прайшла
Можа й чым душа правінілася
Віной-скупасцю, грэхам-глупасцю
Чы мо праўду ты недзе стоіла
А у нашым у раю жыці весела
Ой як весела – ды толькі ж некаму.
(з  успамінаў Ул. Лабазы)

Наша батлеечная гррамада!  Толькі фота ў стане паказаць спакойнымі!)))

 
  • Lapka, 08.05.2018 07:51 #
    +1
    1
    Раньше, когда слышала "батлейка", ассоциации были с чем-то лубочным, искусственным. Наверное, виной всему заведения, типа питейных, одноимённые, магазин с сувенирами ненастоящими. После ваших рассказов появляется гордость за людей, которые так глубоко и грамотно подходят к делу. Если у вас планируется спектакль, обязательно напишите, очень хочется увидеть вживую.
    ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 08.05.2018 08:51 #
    +1
    1
    Ой, дык гэта ж сапраўды тытанічная праца па ўзнаўленні, рэканструкцыі ды адраджэнні!!! РЭСПЕКТ!!!! Я ў захапленні! 
    ответить на комментарий
  • batleya, 08.05.2018 22:24 #
    +1
    1
    Дзякуй вам, сябры, за добрыя словы!!! Сапраўды, вельмі шмат сёння так званых "маркетынгавых" спроб выкарыстаць той ці іншы элемент нашай культуры ў сваіх мэтах ці проста выдаць псеўдафолкавыя  з'явы за этнічную культуру! Вы нават не прадстаўляеце сабе, колькі такіх выпадкаў і батлейка не выключэнне! І таму кожная адноўленная батлеечная дзея для нас - вялікае  з'ява!!! Маленькі спектакль - хвілін 15-20  - патрабуе недзе каля паўтара года працы па рэканструкцыі, але пасля... такое ўжо не падробіш! Абавязкова паведамлю ў ББ аб будучых спектаклях!
    ответить на комментарий
  • elina, 08.05.2018 23:41 #

    Труд неимоверный! Молодцы какие! Извините, cпрошу не по теме. Русское слово «городской» как правильно написать по-белорусски?
    ответить на комментарий
  • batleya, 09.05.2018 08:45 #

    Дзякуй! А пераклад, вядома - "гарадскі"
    ответить на комментарий
    • elina, 09.05.2018 08:49 #

      Хм... покажу один интересный документ горисполкома... только завтра.
      ответить на комментарий
      • batleya, 09.05.2018 08:51 #

        )))Ну гарвыканкам можа вытварыць!))) Калі на тэлебачанні хапае ляпаў, то што казаць пра местачковых "філолагаў"! Буду чакаць! Са святам!
        ответить на комментарий
      • batleya, 09.05.2018 08:57 #

        )))Ну гэтыя "філолагі" могуць!)))) Буду чакаць! Са святам!
        ответить на комментарий
        • elina, 09.05.2018 09:02 #
          +1
          1
          Са сьвятам!
          ответить на комментарий
  • Joy, 09.05.2018 09:06 #
    +1
    1
    Як быццам з Вамi успамiны збiрала. Такое знаемае "папо". Была калiсьцi на выставе батлеек, але ужывую пабачыць не бачыла. Будзем чакаць Вашых запрашэнняу) Прабачце мае "у" нескладовае.
    ответить на комментарий
    • batleya, 09.05.2018 09:08 #

      Нішто!) Дзякуй! Буду рады бачыць Вас!
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
batleya
43 поста
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}