Лістапад падабраўся зусім неўпрыкметку. Цеплыня адыходзячых дзён кастрычніка аніяк не давала магчымасці ўзгадаць. што вось зараз пастукае ў дзверы "глухая" восень, а з ёй і чарада Асянін, Дзядоў, асабліва шчырых дзён памінання нашых продкаў. І каталікі, і праваслаўныя ў гэтыя дні яднаюцца адной малітвай - малітвай аб блізкіх і родных, што сышлі ў лепшы свет. Але гэта не проста дні памінання. Гэта сакральныя моманты яднання нашых душаў, бо ў Бога няма памерлых, ды і любоў нашая да іх нічым не адрозная ад іх любові да нас! Так вось і яднаемся ў адзінай любові, а што мацней за любоў?І ў якой бы маркоце ці мітусні не былі мы, заўсёды з намі іх ласкавы позірк і надзейнае плячо, пяшчотныя абдымкі і самыя патрэбныя словы, і нават плакаць з імі лягчэй, бо хто суцешыць найлепей, чым родная душа?А над ціхімі могілкамі ў адзіную зорку зліваецца свет свечак і лампадак, як маяк нашым затлумленным душам, як напамін, што нам ёсць у кім абагрэць свае застылыя сэрцы, бо яны з намі, яны - жывыя, трэба толькі слухаць душой!
"...Мільёнам свечак цэлы дзень гарэць,
І нам глядзець у свет, куды ляцім,
Дзе мейсца ёсць, было і будзе ўсім,
Дзе нам усіх любіць і разумець!"
Віктар Шніп

(фота з Інтэрнэта, выкарыстана ў якасці ілюстрацыі)
1