27 ліпеня заўсёды чаканы дзень: менавіта ў гэты дзень я са сваёй Святланай сталі калісці мужам і жонкай, адразу пасля 3-га курса Гродзенскага ўніверсітэта. А яшчэ імпанавала заўсёды, што гэты дзень стаў для Беларусі днём абвяшчэння яе незалежнасці, з прыняццем адпаведнай Дэкларацыі. Вось такое ў нас падвойнае свята, але па праўдзе, заўсёды ж святкуем гадавіны шлюбу))
А напярэдадні нашай юбілейнай 30-гадовай даты мы вырашылі пападарожнічаць у Нясвіж, да таго і сябры - музейшчыкі ўжо даўно запрашалі паглядзець навінкі экспазіцыі, ды і нам з любай хацелася б дзе небудзь паблукаць, а Нясвіж - самае тое: даволі блізка ад Міра і паглядзець ёсцть на што.
Нягледзячы на візіт першай асобы ў Нясвіж і раён усё ў горадзе было даволі спакойна і звыкла. Па сапраўднаму парадаваліся колькасці турыстаў, якіх стала даволі многа! Значыць паціху ажываем!
Мы паблукалі па старадаўніх нясвіжскіх вулках, але асалоду ад экспазіцыі Нясвіжскага палаца ні з чым не параўнаць!!! Не буду рабіць экспазіцыйны экскурс, гэта трэба пабачыць самім, на свае вочы!
Колькі гістарычных перыпетый, колькі чалавечых адносін бачылі гэтыя сцены, але на гэты раз мы ўпэўніліся ў адным: сям'я можа многае і нават болей! І Радзівілы таму яскравы прыклад! Прыклад адданасці роду і справе, дзецям і родзічам, гораду і свету (о, ну вось неспадзявана пасягнуў на папскае Urbi et Orbi)))
Я рады, што мая сям'я жыве ў каханні, што нашыя дзеці зразумелі гэты сакрэт і поўнасцю ім карыстаюцца ў пабудове сваіх адносін. Бо што мы без кахання??? "Любоў ніколі не перастане, хоць і прароцтвы перастануць, і народы замаўчаць і веды стануць непатрэбнымі" - успамінаю словы апостала Паўла і радуюся, гледзячы ў вочы сваёй дарагой палавінкі, што не перастаюць поўніцца гэтым каханнем. І калі хоць бы кропля нашае любові пральецца камусці, хто будзе побач, не шкада - любові хопіць на ўсіх!
Шчасця вам, мае дарагія!



1